Сяргей Новік-Пяюн

Биография

Сяргей Новік-Пяюн (сапр. Сяргей Міхайлавіч Новік; 14 жніўня [ст. ст. 27 жніўня] 1906, в. Лявонавічы, Слуцкі павет, Менская губэрня (цяпер Нясьвіскі раён) Менская вобласьць — 26 жніўня 1994, Менск) — беларускі паэт і празаік.

Нарадзіўся 27 жніўня 1906 году ў вёсцы Лявонавічы Нясьвіскага раёна Менскай вобласьці ў сялянскай сям’і.

У 1918—1924 гадах вучыўся ў Нясьвіскай гімназіі, дзе прымаў удзел у скаўцкiм руху; у 1925—1926 гадах на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні.

У 1925 апублікаваў свой першы верш «Ня бядуй» у часопісе «Студэнцкая думка» (№ 4), пачаў выступаць у віленскіх прагрэсіўных беларускіх газэтах і часопісах з вершамі. У 1926 стварыў у роднай вёсцы хор (з 1963 народны) і тэатар. Арганізаваў гурток ТБШ, беларускую бібліятэку і тайныя школы ў Лявонавічах і навакольлі, за што ў 1926 за культурна-асьветніцкую работу высланы польскімі ўладамі ў Сьвеце над Віслай. Адбыў пяцігадовую ссылку на Памор’і (1926—1931).

У 1927—1931 супрацоўнік віленскага часопісу для дзяцей «Заранка», афармляў часопіс. У Вільні асобнымі выданьнямі выйшлі яго п’есы «Цудоўная ноч» (1927), «Ёлка Дзеда Мароза» (1927), «Прадка над крыжам» (1939), у зборніку «Сцэнічныя творы» (1927) — п’еса «Пакой у наймы».

Пасьля вяртаньня ў родныя мясьціны ў 1931 зноў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. Разам з жонкай Людмілай у 1938—1939 выдаваў польскамоўную газэту «Gazeta Słonimska». Чарговы раз арыштаваны польскімі ўладамі ў сакавіку 1939; сядзеў ў турме ў Баранавічах. Быў вызвалены пасьля прыходу Чырвонай Арміі.

У 1939—1940 працаваў у сыстэме народнай адукацыі інспэктарам Слонімскага раённага аддзела народнай асьветы, потым дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музэя (1940-1941). У чэрвені 1941 выратаваў экспанаты музэя разам з І. Стаброўскім, схаваўшы іх на ўскраіне горада.

Падтрымліваў сувязі з партызанамі. У 1943 годзе за сувязь з партызанамі арыштаваны СД; адпраўлены ў лягер сьмерці Калдычэва (быў прыгавораны фашысцкімі ўладамі да пакараньня сьмерцю). 4 ліпеня 1944 году падчас расстрэлу групы вязьняў (600 чалавек) паранены, прыкінуўся мёртвым, што і выратавала.

Пасьля вызваленьня Слоніму працаваў дырэктарам Слонімскага гістарычна-краязнаўчага музэя (1944). 14 сьнежня 1944 арыштаваны органамі НКДБ; 24 сакавіка 1945 ваенным трыбуналам войск НКУС Баранавіцкай вобласьці асуджаны за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўленьня волі і адпраўлены на Калыму. Вызвалены і рэабілітаваны Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў пэрыяд з 5 лістапада 1958 да 18 сьнежня 1958.

У 1959 вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясьвіжы; з 1960 — у Менску. Выступаў у беларускім рэспубліканскім друку. Некаторыя песьні на словы Новік-Пяюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эспэранта. Аўтар зборнікаў вершаў «Заўсёды з песьняй» (1984), кніжкі вершаў для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), «Песьні з-за кратаў» (1993). Напісаў некалькі песень на свае вершы («Зорачкі», «Над Шчарай» і інш.).



Показывать:

Книги на прочих языках

Вне серий

X